На старце чэмпіянату футбалісты БАТЭ сенсацыйна саступілі «Энергетыку-БДУ»

19.03.2020 / 19:16

Футбалісты «Энергетыка-БДУ» сенсацыйна абыгралі БАТЭ з лікам 3:1 у стартавым матчы 30-га чэмпіянату Беларусі. Аўтарам першага гола юбілейнага першынства стаў навабранец мінчан узбекскі паўабаронца Джасурбек Яхшыбаеў.

На 27-й хвіліне сустрэчы Джасурбек Яхшыбаеў забіў свой першы мяч, а яшчэ праз 7 хвілін аформіў дубль.

Пасля перапынку госці адразу пайшлі наперад, стварылі некалькі небяспечных момантаў, і на 64-й хвіліне гульні Максім Скавыш адквітаў адзін мяч. Аднак гэта быў адзіны поспех падапечных Кірыла Альшэўскага. Больш за тое, яны на 84-й хвіліне прапусцілі востры контрвыпад, і яшчэ адзін пачатковец «энергетыкаў» чарнагорскі паўабаронца Душан Бакіч забіў трэці гол.

Nashaniva.com