Мінская IT-кампанія пералічыла інфекцыйнай бальніцы амаль $10 тысяч

03.03.2020 / 05:40

IT-кампанія Andersen звярнулася да прадстаўнікоў IT-сектара ў Беларусі з заклікам дапамагчы беларускім дактарам у змаганні з каранавіруснай інфекцыяй. Сама кампанія ўжо пералічыла мінскай інфекцыйнай бальніцы амаль 10 тысяч даляраў (22 тысячы рублёў).

«Калі ты чытаеш гэты допіс, то хутчэй за ўсё працуеш у IT-галіне, — гаворыцца ў звароце. — У апошні час усе занепакоеныя каранавірусам. Памяркуй сам, калі раней павышаная тэмпература і кашаль азначалі проста тыдзень дома, то цяпер любы чых — падстава звярнуцца да дактароў: «А ці не падхапіў я той самы жудасны вірус?!»

У інфекцыйныя бальніцы замест 2-3 хуткіх у суткі цяпер стаіць чарга. Мы ў Andersen вырашылі падтрымаць нашых дактароў.

Асабіста ты таксама ў сілах дапамагчы ім, перавёўшы даступную табе суму той ці іншай інфекцыйнай бальніцы (калі не ведаеш, як гэта зрабіць, пішы нам у асабістыя). Нам здаецца, што IT павінна не толькі атрымліваць асалоду ад паўсюднай запатрабаванасці і высокіх заробкаў, але і неяк дапамагаць у дадзеных нетыповых выпадках».