Белэнерга хоча прадаваць беларускую электраэнергію ў Польшчу

19.12.2019 / 17:57

«Белэнерга» працягвае абмяркоўваць з Польшчай прапановы па экспарце беларускай электраэнергіі, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар «Белэнерга» Павел Дрозд, перадае БелТА.

«Мы прапануем Польшчы сумесную работу, у нас ёсць сувязь паміж Брэстам і польскім бокам 110 кВ. Пакуль нашы прапановы абмяркоўваюцца, — сказаў Павел Дрозд. — Мы прапануем палякам працаваць праз Літву, у іх ёсць сувязь. Гаворка пра тое, што ў далейшым мы гандлюем у Літву, а палякі замяшчаюць нашу электраэнергію літоўскай».

Паводле слоў гендырэктара, Польшчы таксама прапануецца «пабудаваць сумесна ўстаўку пастаяннага току, з магчымасцю ў далейшым працаваць сінхронна з Еўрапейскім саюзам».