Камень з душэўным надпісам у Кіяўцы за свае грошы паставіў сябар «Сходу нашчадкаў шляхты». І гэта яшчэ не ўсё

«Дзе вы бачылі, каб святары трацілі грошы на справу, яны іх толькі збіраюць», — кажа старшыня грамадскага аб’яднання «Сход нашчадкаў шляхты» Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі. 

11.11.2019 / 16:33

Узрушаецца ён наконт не зусім дакладнай інфармацыі пра тое, што камень з надпісам па-беларуску ў вёсцы Кіявец Валожынскага раёна усталяваў мясцовы бацюшка.

«Насамрэч, камень з нашым шляхецкім дэвізам: «Служу Айчыне, адказваю перад Богам» за свае сродкі ўсталяваў сябра нашага сходу Уладзімір Капусцін. На працягу амаль двух гадоў ён дамаўляўся са скульптарам, які нарэшце ажыццявіў задуму Уладзіміра», — распавядае Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі.

Ігар дадае, што ўсталяванне каменю ў Кіяўцы — гэта далёка не адзіная акцыя аб’яднання.

«У кастрычніку яшчэ адзін сябра нашай арганізацыі Францішак Жылка за свае грошы паставіў камень з барэльефам мастака Яна Булгака ў вёсцы Перасека, што ў Мінскім раёне. Цяпер мы актыўна трасём Лагойск, каб надаць адной з вуліц імя графа Тышкевіча», — расказаў Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі.

НТ, фота Паўла Белавуса