Зяленскі прапануе скараціць колькасць дэпутатаў і абавязаць іх валодаць украінскай мовай

30.08.2019 / 19:17

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапануе зменшыць склад Вярхоўнай Рады да 300 дэпутатаў (цяпер іх па законе 450) і ўвесці прапарцыйную выбарчую сістэму (дэпутаты будуць выбірацца толькі па партыйных спісах, без галасавання ў аднамандатных акругах), паведамляе Українська правда.

У Канстытуцыі Украіны прапануецца прапісаць: «Канстытуцыйны склад Вярхоўнай Рады Украіны — трыста народных дэпутатаў Украіны, якія абіраюцца тэрмінам на пяць гадоў».

Акрамя гэтага Зяленскі прапануе ўвесці такі выбарчы цэнз, як валоданне дзяржаўнай мовай:

«Народным дэпутатам Украіны можа быць грамадзянін Украіны, які дасягнуў на дзень выбараў 21 года, які мае права голасу, які пастаянна пражывае ва Украіне не менш за апошнія 5 гадоў і які валодае дзяржаўнай мовай».

У артыкуле 77 плануецца норма, якой замацоўваецца прапарцыйная выбарчая сістэма на парламенцкіх выбарах.

Nashaniva.com