Салдат у Гродне ўскрыў сабе вены, яго падазраюць у наўмысным калецтве

25.07.2019 / 14:43

Фота Сяргея Гудзіліна

Радавы разведбатальёна 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады, якая базуецца ў Гродне, ускрыў сабе вены.

Кроў заўважылі калегі, хлопца ўдалося выратаваць. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Nexta.

Надзвычайнае здарэнне адбылося 23 ліпеня. Салдат быў прызваны ў войска ў маі 2019 года.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў сказаў Радыё Свабода, што 23 ліпеня ў адной з вайсковых частак гродзенскага гарнізона зафіксаваны «дэманстрацыйна-ўстановачныя дзеянні, якія маюць прыкметы замаху на злачынства «членашкодніцтва».

Ён сказаў, што праводзіцца праверка па ўсіх кірунках. Салдата накіруюць таксама ў медыцынскую ўстанову.

«Калі гэтыя прыкметы пацвердзяцца, то будзе распачатая крымінальная справа. Гэта не з'яўляецца замахам на самазабойства, бо чалавек, які ўчыняў гэтыя дзеянні, ведаў пра бясьпеку дзеянняў, якія ён рабіў», — сказаў У.Макараў.

Што падштурхнула вайскоўца да гэтага ўчынку, паводле Макарава, таксама будуць высвятляць.

«Дагэтуль ён неаднаразова казаў пра суіцыдальныя намеры. Хоць гэты выпадак не з'яўляецца спробай суіцыду. Бо спроба прадугледжвае дзеянні, якія не прывялі да смяротнага выніку з прычыны, якая не залежыць ад самога чалавека. Гэта менавіта дэманстрацыйна-ўстановачныя дзеянні».