Унук забітага міністра Захаранкі хоча служыць у нямецкай паліцыі

18.05.2019 / 16:01

20 гадоў таму ў Мінску знік экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. Сям'я Юрыя Захаранкі амаль 20 гадоў жыве ў Нямеччыне — жонка і дзве дачкі папрасілі там палітычнага прытулку. «Народная Воля» паразмаўляла са старэйшай дачкой забітага міністра — Аленай. Жанчына расказала, як іх сям'я ўладкавалася ў чужой краіне, у горадзе Мюнстэр (Германія).

Алена распавяла, што працуе ў ювелірнай краме і мае сціплы даход — 1300 еўра. 615 яна аддае на кватэру, тое, што застаецца — на жыццё з 20-гадовым сынам Кірылам, які цяпер заканчвае школу і хоча стаць паліцэйскім. Алена і Кірыл маюць нямецкі пашпарт.

Сястра Алены, Юлія, не працуе. Дачка Захаранкі адзначае, што ў Нямеччыне вельмі складана знайсці працу нават мясцовым, не кажучы ўжо пра мігрантаў і ўцекачоў.

Жонка Юрыя Захаранкі — Вольга Барысаўна — датэрмінова з-за праблем са здароўем выйшла на пенсію. Ёй не залічылі працоўны стаж, і яна атрымлівае мінімальную пенсію ў Германіі. Пасля платы за кватэру і электрычнасць у яе на жыццё застаецца 350 еўра. Жыве Вольга Барысаўна недалёка ад дачкі, у асобнай кватэры.

Жонка і малодшая дачка Юрыя Захаранкі нямецкага пашпарта не маюць.

Марына Коктыш, Народная Воля