Вырашыла, што раз у яе ёсць дзіця, грошы ёй будуць больш патрэбныя. Магілёўка ў дэкрэце абакрала сяброўку

18.05.2019 / 08:16

У міліцыю з заявай звярнулася 28-гадовая магілёўка, індывідуальны прадпрымальнік. З яе кватэры хтосьці выкраў 780 рублёў. У здарэнні пацярпелая падазравала кагосьці з гасцей.

Аказалася, што грошы і напраўду ўзяла прыяцелька дзяўчыны, 28-гадовая магілёўка, якая знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём. Прыйшоўшы ў госці, яна адразу ж заўважыла, што грашовыя купюры ў вольным доступе ляжаць на паліцы шафы.

Калі ж высветлілася дачыненне маладой магілёўкі да крадзяжу, яна патлумачыла матывы свайго ўчынку: маўляў, палічыла, што грошы будуць больш патрэбныя яе сям'і, у якой расце маленькае дзіця, чым пакуль што бяздзетнай сяброўцы.

Выкрадзенае часткова канфіскавалі — астатняе зламысніца паспела патраціць.