Макей: Нам камфортна працавалася з Бабічам

14.05.2019 / 14:48

Фота МЗС Беларусі

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей расказаў, што прэтэнзій да працы былога расійскага пасла Міхаіла Бабіча «па змесце» ў яго не было. Але па форме некаторыя дзеянні не заўсёды былі дыпламатычныя.

«Нам камфортна працавалася з паслом Расіі», — пракаментаваў кіраўнік МЗС.

Па яго словах, адкліканне Бабіча — унутраная справа расійскага кіраўніцтва.

«Мы гатовыя да ўзмацнення шчыльных, сяброўскіх сувязяў з Расійскай Федэрацыяй з любым паслом, з любымі прадстаўнікамі гэтай краіны. Больш за тое, чырвонай ніткай у ходзе ўсіх нашых выступленняў і размоў падчас знаходжання ў Брусэлі (на саміце Усходняга партнёрства. — NN.by) праходзіла тое, што нам трэба старацца развіваць сувязі паміж Еўразійскімі эканамічнымі і Еўрапейскімі інтэграцыйнымі працэсамі. Па-мойму, ніхто не казаў пра гэта, акрамя Беларусі. Гэта кажа пра тое, што мы адназначна нацэлены не толькі на просты працяг, а на ўмацаванне ўсебаковага шчыльнага супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі».

Наталля Лубнеўская, Брусэль