На Магілёўшчыне ратавальнікі дасталі з калодзежа мужчыну, ён быў п'яны і без прытомнасці
13.05.2019 / 21:35
У нядзелю, 12 мая, у вёсцы Масток у каналізацыйным калодзежы ў двары дома знайшлі вяскоўца, які быў без прытомнасці.
Да месца здарэння прыбылі падраздзяленні МНС. Ратавальнікі ўбачылі пацярпелага, які ляжаў у катлаване з калодзежам з жалезабетонных кольцаў на глыбіні чатырох метраў.
Высветлілася, што ён фарбаваў калодзеж. Надыхаўшыся гідраізаляцыйнай масцікі, ён страціў прытомнасць і ўпаў у калодзеж.
З дапамогай вяроўкі ратавальнікі дасталі мужчыну і перадалі лекарам. Пацярпелага шпіталізавалі ў бальніцу з дыягназам «атручэнне лакафарбавымі выпарэннямі і алкагольнае ап'яненне».