Зяленскага аштрафавалі

13.05.2019 / 15:59

Абалонскі раённы суд Кіева аштрафаваў абранага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на 850 грыўняў (каля 70 беларускіх), прызнаўшы яго вінаватым у незаконнай агітацыі на выбарах, паведамляюць «Украінскія навіны».

21 красавіка ў ходзе галасавання ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў Зяленскі прадэманстраваў журналістам свой запоўнены выбарчы бюлетэнь. Пасля гэтага паліцыя склала на кандыдата адміністрацыйны пратакол па артыкуле аб парушэнні правілаў вядзення перадвыбарчай агітацыі.

У штабе Зяленскага заяўлялі, што не бачаць «вялікай праблемы» у дэманстрацыі бюлетэня, сам палітык пазней растлумачыў сваё парушэнне тым, што «не зарыентаваўся».

На пасяджэнне Абалонскага суда Зяленскі не з'явіўся.