Першыя прысуды за крадзеж зброі ў Баранавіцкім гарнізоне — палкоўніка пасадзілі на 4 гады
04.05.2019 / 20:39
Суд Баранавіцкага раёна 4 мая вынес прысуд двум фігурантам крымінальнай справы аб незаконных дзеяннях са зброяй і боепрыпасамі. Гаворка пра гучныя крадзяжы ў адной з часцей Баранавіцкага гарнізона.
Як паведамляе прэс-служба Брэсцкага абласнога суда, адзін з абвінавачаных на момант злачынства быў вайскоўцам, меў званне палкоўніка. Ён незаконна набыў у іншай асобы два пісталеты Макарава і аўтамат Калашнікава з патронамі. Зброю палкоўнік захоўваў, перавозіў і насіў пры сабе — незаконна.
Яму прысудзілі 4 гады калоніі і пазбавілі звання «палкоўнік».
Другі абвінавачаны незаконна захоўваў у кватэры аўтамат Калашнікава, пісталет Макарава з патронамі. Яму прысудзілі 2 гады калоніі.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.