Падпісанне пагаднення аб узаемным прызнанні віз паміж Беларуссю і Расіяй зацягваецца. У найлепшым выпадку яго падпішуць у 2019 годзе

25.01.2019 / 16:32

Дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота не выключае, што міжурадавае пагадненне Беларусі і Расіі аб узаемным прызнанні віз падпішуць сёлета, паведамляе БелТА.

«У мяне самы аптымістычны прагноз, таму што дакумент адпрацаваны, застаюцца апошнія штрыхі на беларускім баку», — сказаў дзяржсакратар.

Адказваючы на ​​пытанне, дзе і калі можа быць падпісаны дакумент, Рыгор Рапота адзначыў: «Не важна, дзе і калі, галоўнае — каб ён быў падпісаны. Спадзяюся, сёлета».

Нагадаем, раней планавалася, што пагадненне аб узаемным прызнанні віз павінна быць падпісана ў канцы 2018 года ў Брэсце, аднак падпісанне перанеслі на нявызначаны тэрмін, паколькі Беларусь нібыта «не паспела завяршыць унутрыдзяржаўныя працэдуры».