Рабаўнік-недарэка са Старых Чамаданаў разбіў скрадзеную бутэльку піва аб вітрыну і стаў патрабаваць грошы

22.12.2018 / 09:47

Вечарам 19 снежня паступіла паведамленне аб спрацоўванні трывожнай кнопкі ў адным з гандлёвых павільёнаў у раёне чыгуначнага вакзала Оршы, паведамляе віцебская міліцыя.

Міліцыянты, якія прыехалі на месца здарэння, затрымалі беспрацоўнага жыхара вёскі Старыя Чамаданы, які аскепкам разбітай шкляной бутэлькі пагражаў прадаўцам крамы.

Заезд у вёску Старыя Чамаданы Шклоўскага раёна. Фота postalovsky-a.livejournal.com

Высветлілася, што каля 11 гадзін вечара мужчына ўвайшоў у памяшканне гандлёвага аб'екта і ўзяў з прылаўка бутэльку піва. Тут жа ён адкрыў яе і зрабіў некалькі глыткоў.

У адказ на заўвагі прадаўцоў, ён разбіў бутэльку аб вітрыну і стаў патрабаваць грошы. Адна з работніц павільёна націснула трывожную кнопку.

На жыхара Старых Чамаданаў завялі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства. Яму пагражае да 10 гадоў зняволення.