Калаўр спрагназаваў, якой будзе інфляцыя ў наступным годзе

26.11.2018 / 15:24

Фота Волі Афіцэравай

Інфляцыя ў Беларусі у 2019 годзе чакаецца на ўзроўні не больш за 5%. Пра гэта заявіў сёння журналістам старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр, паведамляе БелТА.

Паводле кіраўніка Нацбанка, у 2019 годзе захаваецца пераемнасць грашова-крэдытнай палітыкі, якая праводзілася ў папярэднія гады. «Рэжым манетарнага таргетавання будзе садзейнічаць забеспячэнню цэнавай стабільнасці. Інфляцыя прадугледжваецца не больш за 5%», — заявіў ён.

Павел Калаўр адзначыў, што будзе захаваны гнуткі рэжым курсаўтварэння, які дазваляе прадпрыемствам і эканоміцы ў цэлым адаптавацца да унутраным і знешніх шокаў.

Раней у кастрычніку прэм'ер-міністр Сяргей Румас заяўляў, што ва ўрадзе разлічваюць, што інфляцыя па выніках 2018 года застанецца ў калідоры да 6%.