Ціснуць за неўступленне ў БРСМ
даслана чытачом
Навучэнец 10 класа сярэдняй школы №1 г. Докшыцы Павал Малюжанец быў выкліканы на гутарку з адміністрацыяй школы, якая запалохвала яго праблемамі праз яго прынцыповую пазіцыю адносна неўступлення ў БРСМ.
06.12.2008 / 14:12
5 снежня навучэнец 10 класа сярэдняй школы №1 г. Докшыцы Павал Малюжанец быў выкліканы на гутарку да адміністрацыі школы ў асобе дырэктара Уладзімера Арцімёнка і намесніка дырэктара па выхаваўчай працы Святланы Вялічка. Падставай для гутаркі было прынцыповае нежаданне Паўла ўступаць у БРСМ, якое вучань матывуе нежаданнем быць у арганізацыі, сябры якой за савецкім часам грамілі цэрквы і спілоўвалі крыжы.
Кажа Павал Малюжанец: «Выклікалі пасярод урока, завялі ў кабінет дырэктара і пачалі ўдваіх мяне пераконваць і запалохваць праблемамі з навучаннем. Але ўдалося адстаяць сваю пазіцыю. Думаю, зараз будзе ціск з боку адміністрацыі школы. Радуе, што аднакласнікі амаль усе на маім баку – чакалі мяне пад дзвярыма кабінета дырэктара, пакуль ішла размова».
Таксама ў той жа дзень быў выкліканы да дырэктара настаўнік замежнай мовы Ўладзімер Мядзюха, які на адным з урокаў негатыўна выказаўся пра БРСМ. Сакратар Докшыцкага раённага камітэта БРСМ запэўніў, што БРСМ не мае дачынення да дзеянняў адміністрацыі школы і паабяцаў нагадаць кіраўніцтву школы аб недапушчальнасці дзеянняў падобнага кшталту.