Расія за два гады сфарміравала на заходнім кірунку больш за 70 вайсковых часцей і злучэнняў

Больш за 70 вайсковых часцей і злучэнняў сфарміравалі на Заходняй вайсковай акрузе Расіі з 2016 года, паведаміў кіраўнік Мінабароны Расіі Сяргей Шайгу, паведамляе ТАСС.

24.07.2018 / 18:43

Сяргей Шайгу. Фота: mil.ru.

«Становішча, якое складваецца на заходнім стратэгічным напрамку, патрабуе ад нас бесперапыннага ўдасканалення баявога складу войскаў і сістэмы іх базіравання», — сказаў Шайгу.

У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, войскі атрымалі каля пяці тысяч адзінак новага і мадэрнізаванага ўзбраення і тэхнікі. Міністр абароны Расіі дадаў, што шматлікія праверкі паказалі «якасны рост узроўню падрыхтоўкі войскаў і пацвердзілі іх гатоўнасць да вырашэння задач па прызначэнні».

Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву з беларускімі вайскоўцамі, адзначыў Шайгу. Расійскія і беларускія вайскоўцы ўжо пачалі рыхтаваць сумесныя вучэнні «Шчыт Саюза — 2019».