З «Дома на Нямізе» ў Мінску скінулася яшчэ адна жанчына

29.05.2018 / 15:06

У двары дома №6 на вуліцы Няміга ў Мінску было знойдзенае цела жанчыны, якая ўпала з вышыні. Праверку гэтага выпадку праводзіць Следчы камітэт. Пакуль невядома, было гэта самагубства ці гвалтоўная смерць, як гэта адбылося: выпадкова ці наўмысна, з кватэры ці з даху, піша Еўрарадыё.

У народзе будынак празваны «Домам самагубцаў».

Мясцовыя жыхаркі абмяркоўваюць здарэнне. Яны не ведалі жанчыну і не ўпэўненыя, што яна жыхарка гэтага дома. За апошнія некалькі гадоў гэта як мінімум чацвёрты выпадак самагубства ў двары дома №6 па вуліцы Няміга. У 2014 годзе тут знайшлі цела 15-гадовай дзяўчынкі.