Беларусь заваявала другое золата на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане

13.03.2018 / 10:25

Беларус Юрый Голуб заваяваў залаты медаль у біятлоне ў катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку на XII зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхенчхане, піша БелТА.

Дыстанцыю ў 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі ён пераадолеў за 39 хвілін 23,7 сек. Срэбным прызёрам стаў украінец Аляксандр Казік — +2,7 сек. Трэцяе месца заняў яшчэ адзін прадстаўнік Украіны — Юрый Уткін (+56,2 сек).

Для Юрыя Голуба залаты медаль у біятлоннай гонцы на 12,5 км — трэцяя ўзнагарода на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане. Раней ён заваяваў срэбра ў лыжнай гонцы на 20 км у катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку і стаў другім у біятлонным спрынце на 7,5 км.