Nokia стварыла модульную «разумную» куртку

Кампанія Nokia прадставіла высокатэхналагічную куртку CHASE LifeTech FR, функцыянальнасць якой можна наладжваць за кошт зменных модуляў. Канцэпт, паказаны на выставе MWC 2018 у Барселоне, быў распрацаваны пры ўдзеле карэйскага брэнда адзення Kolon, піша Engadget.

02.03.2018 / 16:17

Спецвопратка жоўтага неонавага колеру са святлоадбівальнымі элементамі, вырабленая з воданепранікальных матэрыялаў, арыентаваная на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, служачых, пажарных і пошукава-выратавальных брыгад. «Разумнай» яе робяць датчыкі для адсочвання частаты сэрцабіцця, тэмпературы, руху (акселерометр) і месцазнаходжання (GPS).

Змяняючы модулі каля рукавоў і нагруднай кішэні, карыстальнік можа наладжваць смарт-куртку так, каб яна магла выконваць канкрэтныя задачы. Паліцэйскі, напрыклад, можа ўсталяваць відэакамеру замест тэмпературнага датчыка, які больш спатрэбіцца пажарным.

Звесткі, што запісваюцца «разумнай» вопраткай, адпраўляюцца на базавую станцыю, дзе ў рэжыме рэальнага часу апрацоўваюцца праграмнай сістэмай чэшскае кампаніі GINA. З пункта кіравання, напрыклад, можна даведацца, дзе зараз знаходзіцца карыстальнік CHASE LifeTech FR і які ягоны стан. 

Куртку можна мыць, папярэдне зняўшы электроніку. Зараджаецца яна праз micrUSB-порт. Кампаніі-партнёры маюць намер выпусціць камерцыйны прадукт праз 12-18 месяцаў.

nn.by