Створана ўніверсальная вакцына ад раку

Навукоўцы Нацыянальнага інстытута біявізуалізацыі і біяінжынерыі ЗША распрацавалі нанавакцыну для барацьбы з ракам. Злучэнне, якое прымушае імунныя клеткі атакаваць пухліну, дастаўляецца ў лімфатычныя вузлы з дапамогай бялку альбуміну. Артыкул даследнікаў апублікаваны ў часопісе Nature Communications, коратка пра яго распавядаецца ў прэс-рэлізе на MedicalXpress.

08.02.2018 / 22:25

У склад вакцыны ўваходзяць антыгены — бялкі, якія дазваляюць лімфацытам распазнаваць розныя тыпы злаякасных пухлін. Навукоўцы дадалі да антыгенаў фарбавальнік Evans blue, які звязваецца з альбумінам — бялком, які змяшчаецца ў сыроватцы крыві і сінтэзуецца ў печані. Да іх таксама далучылі невялікі фрагмент ДНК, які ўзмацняе імунную рэакцыю.

Комплекс антыцела-фарбавальнік быў названы AlbiVax (ад англ. Albumin-binding vaccine). Пасля ін'екцыі AlbiVax звязваецца з сыроватачным бялком і дастаўляецца ім у лімфатычныя вузлы, дзе адбываецца актывацыя лімфацытаў.

Прэпарат пратэставалі на некалькіх тыпах пухлін, у тым ліку на раку тымусу ў мышэй. Семярым жывёлам рабілі тры ін'екцыі з інтэрвалам у два тыдні паміж кожнай. На 70 дзень эксперыменту вакцынаваным грызунам ўкаранілі пухлінныя клеткі. Праз чатыры месяцы ў жывых засталіся пяць мышэй. Гэтым жывёлам прышчапілі яшчэ адну дозу ракавых клетак, і праз шэсць месяцаў выжылі чатыры грызуны. Эксперыменты на мышах з ракам лёгкіх паказалі, што нанавакцына спрыяе поўнай рэгрэсіі пухлін.