«Да нас едзе рэвізор!» Як на сцэне Купалаўскага Пінігін паставіў Гогаля на трасянцы і з жанчынамі ў леапардавым 

На выходных у Купалаўскім адбылася прэм'ера Мікалая Пінігіна «Рэвізор». Рэжысёр адаптаваў гогалеўскую камедыю так, што часам становіцца не зразумела: гэта ўсё яшчэ тэатральная пастаноўка ці ўжо беларуская рэальнасць?

29.01.2018 / 15:23

Героі смачна размаўляюць на трасянцы, абмяркоўваюць местачковыя праблемы і рыхтуюцца да прыезду важнага чыноўніка са сталіцы. 

Час, у якім адбываюцца падзеі, адсачыць вельмі цяжка — ці гэта БССР, ці сучасная Беларусь: гараднічы раздае загады навесці марафет у горадзе і месці вуліцы «Каб было чыста!».

Увесь спектакль праходзіць вельмі эмацыйна: на сцэне няспынны экшн, а гледачы не перастаюць смяяцца. Дэкарацыі і касцюмы, з аднаго боку, яскравыя і зразумелыя, з другога — ва ўсім свой мэсэдж, нават у кантрасце паміж драўлянай вясковай «электравышкай» злева на сцэне і велізарнай брамай, не ўласцівай гарадкам такога масштабу.

Падчас спектакля ўзнікаюць дваістыя пачуцці: калі быццам бы і прыходзіш на знаёмы яшчэ са школы сюжэт і ведаеш, чым усё скончыцца, але ўсе падзеі аказваюцца настолькі актуальныя, што чакаецца нейкая нестандартная развязка, якую ў нейкім сэнсе і паказвае нам Пінігін, прыбіраючы чыноўнікаў са сцэны — так жа лёгка, як іх часам прыбірае кіраўніцтва, пасля некалькіх гадоў службы.

Воля Афіцэрава