Джордж Буш: Амэрыканская эканоміка знаходзіцца ў глыбокім крызісе

Джон Маккейн з прычыны фінансавага крызысу ў ЗША перапыніў перавыбарную кампанію.

25.09.2008 / 09:52

Прэзыдэнт ЗША абвясьціў увечары ў сераду, ужо пасьля таго як зачынілася Нью‑Ёрская біржа ды іншыя гандлёвыя пляцоўкі амэрыканскага фондавага рынку, пра намер прапанаваць Кангрэсу праект аказаньня дапамогі амэрыканскай эканоміцы ў выглядзе прамых уліваньняў ў фінансавыя рынкі краіны бюджэтных грошай ў памеры 700 мільярдаў даляраў.

«Рынак не функцыянуе належным чынам, і галоўным сэктарам эканомікі пагражае крах. Без неадкладных крокаў з боку Кангрэсу Амэрыцы пагражае фінансавая паніка».

Джордж Буш заклікаў кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША Барака Абаму і Джона Маккейна падтрымаць гэта рашэньне.

А кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Джон Маккейн з прычыны фінансавага крызысу нават вырашыў прыпыніць перадвыбарчую кампанію, каб больш актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы новага пакету экстранных захадаў.

Буш патэлефанаваў Бараку Абаму і папрасіў аб дапамозе.

ул. інф.