Прадстаўлены 3D-прынтар, які друкуе ў 10 разоў хутчэй за сучасныя аналагі ВІДЭА

Тое, што вы ўбачыце на відэа ніжэй, — не паскораная перамотка відэа, на якім працуе звычайны 3D-прынтар. Гэтае відэа ў рэальным часе паказвае, з якой хуткасцю працуе прынтар новага пакалення, распрацаваны інжынерамі з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута.

29.11.2017 / 18:47

Каманда інжынераў змагла прадэманстраваць здольнасць новага 3D-прынтара друкаваць у 10 разоў хутчэй, чым сучасныя аналагі. Па словах распрацоўшчыкаў, аб'екты, на друк якіх на звычайных сістэмах сыходзіць каля гадзіны, іх прылада друкуе за пару хвілін. На відэа ніжэй паказаная праца прылады ў рэальным часе:

Сістэма пабудаваная на аснове той жа тэхналогіі, што ўжываецца ў большасці настольных 3D-прынтараў: яна стварае мадэлі з пластоў расплаўленага пластыка. Каб паскорыць працу, інжынеры ўнеслі ў друкарскую галоўку некалькі ключавых зменаў, у прыватнасці новы вінтавы механізм, які падае матэрыял для друку на больш высокіх хуткасцях.

Таксама побач з друкарскай галоўкай інжынеры размясцілі лазер, які плавіць пластык нашмат хутчэй. Новыя кампаненты размешчаныя на больш хуткасным шасі, здольным перамяшчаць галоўку з павышанай хуткасцю.

nn.by