Польшча не хоча падаўжаць газавы кантракт з Расіяй пасля 2022 года

23.09.2017 / 11:10

Пасля 2022 года Польшча хоча стаць цалкам незалежнай ад расійскага прыроднага газу. Такую заяву зрабіў у завяршэнне свайго візіту ў ЗША міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі, паведамляе Радыё Польшча.

Паводле яго слоў, Варшава можа не падоўжыць кантракт з Расіяй, падпісаны былым міністрам эканомікі Вальдэмарам Паўлякам у 2010 годзе:

«Мы імкнёмся да таго, каб да 2022 года мець магчымасць імпартаваць газ з іншых, палітычна бяспечных крыніц, што дазволіць нам пазбегнуць палітычна матываваных дзеянняў Расіі, якія мелі месца, напрыклад, у дачыненні да Украіны ці Беларусі. Чакаецца, што будзе пашыраны тэрмінал звадкаванага газу ў Свінавуйсьці, а таксама будзе прасоўвацца праект Baltic Pipe».

На думку кіраўніка МЗС Польшчы, польскі ўрад у стане выканаць усе тэрміны, звязаныя з адмовай Польшчы ад расійскіх газавых паставак.