Мінгарвыканкам адмяніў сустрэчу з заяўнікамі Дня Волі

20.03.2017 / 14:59

Прызначаная на сёння сустрэча з заяўнікамі Дня волі адмененая, паведаміў заяўнік ад руху «За свабоду» Аляксандр Русевіч. Па ягоных словах, яму патэлефанавалі з Мінгарвыканкама, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Дзень Волі ў 2016 г., фота Сяргея Гудзіліна

«Мне пазванілі і сказалі, сустрэчы не будзе. «Давядзем да вас нашае рашэнне ва ўстаноўленым законам парадку», - сказаў сайту Pyx.by Аляксандр Русевіч.

Гэта значыць, што адказ заяўнікі, хутчэй за ўсё атрымаюць па пошце.

«Улады паводзяць сабе безадказна, - пракаментаваў гэтае рашэнне Мінгарвыканкама намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрый Меляшкевіч. - За той час, што застаўся, вельмі цяжка будзе праінфармаваць людзей пра маршрут і дзеянні пад час акцыі».

Адпаведна, дадаў ён, «верагоднасць непрадказальнага сцэнару павялічваюцца». «Асабліва ў сітуацыі, калі большасць лідараў апазіцыі знаходзяцца за кратамі», - заключыў Меляшкевіч