Адхілены ад улады прэзідэнт Гамбіі атрымаў прытулак у Экватарыяльнай Гвінеі

22.01.2017 / 12:38

У суботу Ях'я Джамэ пакінуў Гамбію. Ён вылецеў у суправаджэнні прэзідэнтаў Гвінеі і Маўрытаніі, якія былі гарантамі ягонай бяспекі. Іншым самалётам вылецелі ягоная сям'я і дарадцы.

Джамэ кіраваў Гамбіяй ад 1994 года. Нечакана ён прайграў апошнія прэзідэнцкія выбары. Спачатку ён прызнаў сваю паразу, але праз тыдзень перадумаў і адмовіўся аддаць уладу. Тады ў сітуацыю ўмяшаліся суседнія краіны. Сенегал і Нігерыя ўвялі ў краіну войскі, маленькая армія Гамбіі супраціву не аказала. Пасля гэтага Джамэ пагадзіўся з прапановамі пасярэднікаў з Заходнеафрыканскай эканамічнай супольнасці.