Астраномы апублікавалі самую падрабязную карту Млечнага шляху

15.09.2016 / 22:17

Еўрапейскае касмічнае агенцтва апублікавала найбольш дэталёвую карту Млечнага шляху і суседніх галактык. Выява змантаваная з кадраў, зробленых спадарожнікам Gaia за 1000 дней.

У сярэдзіне выявы размешчаная так званая галактычная плоскасць Млечнага шляху, дзе сканцэнтраваная большасць зорак. Дзе белы колер ярчэйшы — там больш зорак. Чорны колер пасярод зорак — гэта міжзоркавае асяроддзе.

Справа ўнізе паказаны Магеланавыя Аблокі — дзве галактыкі, якія круцяцца вакол Млечнага шляху. А злева можна разглядзець галактыку Андрамеды, бліжэйшую да Млечнага шляху вялікую галактыку.

Фота: Gaia / ESA. Карцінку ў велізарным разрозненні можна спампаваць тут.

Спадарожнік Gaia быў запушчаны ў 2013 годзе. У яго задачы ўваходзіць стварэнне найбольш падрабязнай карты размеркавання зорак у Млечным шляху, а таксама адкрыццё экзапланет.