Макей правёў у Адэсе сустрэчу з міністрамі замежных спраў Украіны і Літвы

Гэта першая за доўгі час сустрэча ў такім Балта-Чарнаморскім фармаце.

14.08.2015 / 15:58

Фота: @PavloKlimkin

У рамках рабочага візіту ва Украіну ў Адэсе адбылася трохбаковая сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, Літвы Лінаса Лінкявічуса і Украіны Паўла Клімкіна, паведамляе прэс-служба беларускага ведамства.

Міністры ўсебакова абмеркавалі рэгіянальную сітуацыю, звязаную з канфліктам на паўднёвым усходзе Украіны, і выказаліся на карысць аператыўнага дасягнення канкрэтных, прымальных для ўсіх бакоў, дамоўленасцей у рамках Трохбаковай кантактнай групы.

Падчас сустрэчы разгледжаны перспектывы перафарматавання Усходняга партнёрства. У.Макей падкрэсліў мэтазгоднасць дыверсіфікацыі падыходаў Еўрапейскага саюза да краін-удзельніц Усходняга партнёрства ў залежнасці ад актуальных прыярытэтаў іх знешняй палітыкі. Пры гэтым Міністр асобна акцэнтаваў важнасць спалучэння інтэграцыйных працэсаў на еўрапейскай прасторы і — у перспектыве — пачатку дыялогу паміж ЕАЭС і ЕС.

Кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў трох краін абмеркаваны таксама магчымыя дзеянні, накіраваныя на актывізацыю трохбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і транспартнай сферах, выпрацоўку трохбаковых рэгіянальных праектаў у розных галінах.