Віцэ-прэзідэнт Google задумаў вывесці генетычна мадыфікаваных камароў

Яны прывядуць сваіх нашчадкаў да пагібелі.

13.08.2015 / 19:09

Малярыйны камар. Фота: Centers for Disease Control and Prevention's Public Health Image Library

Лінус Апсан, віцэ-прэзідэнт Google з каманды Chrome распавёў пра планы аб стварэнні генетычна-мадыфікаваных камароў для ратавання чалавецтва ад малярыі, перадае The Information.

Рэарганізацыя Google у Alphabet дазволіць у межах новага холдынгу заняцца праектамі, што прынясуць прыбытак няхутка. Адным з такіх, мяркуе Апсан, мае стаць «камар-забойца камароў».

Ён прапануе стварыць у Alphabet падраздзяленне, што зоймецца генетычнымі даследаваннямі і выведзе асаблівы від камароў. Самцы такіх камароў будуць выглядаць здаровымі, але ад іх самкі будуць даваць нашчадкаў з мутацыяй, што заб’е іх да таго, як яны змогуць заразіць людзей хваробай.

Такім чынам, як паказалі ранейшыя эксперыменты, можна скараціць папуляцыю камароў, што пераносяць малярыю і ліхаманку дэнге, на 95%, а значыць, ратаваць больш за мільён жыццяў штогод.

Апсан хоча рэалізаваць праект менавіта ў ІТ-кампаніі, бо такія маюць дастаткова фінансаў і матэрыяльных рэсурсаў, могуць сабе дазволіць праекты з няхуткай фінансавай аддачай. Рэарганізацыя Google у Alphabet якраз дазволіла аддзяліць прыбытковыя праекты ад перспектыўных даследаванняў і доўгатэрміновых інвестыцый.

Інвеставанні ў падобныя праекты рэгулярна робіць заснавальнік Microsoft і самы багаты чалавек планеты Біл Гейтс. Камароў ён называе «самымі небяспечнымі істотамі на Зямлі».

Аляксандр Арсёнаў