Мадэрнізаваць Аршанскі льнокамбінат будуць за кітайскія грошы

24.07.2015 / 19:49

Для другога этапу мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната будзе прыцягнуты крэдыт «Эксімбанка» Кітая на суму каля $52 млн. Гэта вынікае з апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ўказа прэзідэнта ад 21 ліпеня № 335.

Нагадаем, кантракт на другі этап мадэрнізацыі льнокамбіната з кітайскай кампаніяй CITIC Construction — у ліку іншых дакументаў, падпісаных у Мінску 10 мая падчас Беларуска-кітайскага бізнес-форуму ў межах візіту старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Сума кітайскага крэдыту складзе $51 834 700, тэрмін яго пагашэння — 15 гадоў. Пры гэтым пагашэнне крэдыту будзе адбывацца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Апрача таго, сума, эквівалентная $9,1 млн, будзе выдзеленая Аршанскаму льноакамбінату з дзяржаўнага мэтавага фонду нацыянальнага развіцця.

Згодна з указам да канца 2017 года ад увазных мытных пошлін і ПДК вызваляюцца камплектуючыя, матэрыялы і абсталяванне для рэалізацыі гэтага інвестпраекта, што ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі. Апрача таго, на такі ж тэрмін ад ПДК вызваляюцца абароты па рэалізацыі кітайскай кампаніяй тавараў, работ, паслуг і маёмасных правоў.

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якіх кітайская кампанія можа прыцягваць падчас мадэрнізацыі льнокамбіната, вызваляюцца ад уплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі.