Як развальваецца беларускае машынабудаванне ЛІЧБЫ
21.07.2015 / 14:24
Белстат апублікаваў статыстычны зборнік «Прамысловасць», у якім падсумаваныя вынікі дзейнасці эканомікі за 2014 год.
Пляцоўка з самазваламі на БелАЗе. Фота Сяргея Гудзіліна.
Асабліва заўважна крызіс адбіўся на машынабудаванні. Аб'ём вытворчасці ў гэтай галіне летась скараціўся на 20%. Рэнтабельнасць продажаў тым часам апусцілася з 10,1% да 5,9%.
Асобныя пазіцыі. Напрыклад, возьмем «пад'ёмна-транспартае абсталяванне». Летась іх было выраблена ўсяго 5 вежавых кранаў. Для параўнання, у 2013 зрабілі 20 штук, а ў 2010 — 152. А вось вытворчасць ліфтаў з кожным годам набірае абароты.
Сельскагаспадарчыя трактары — адзін з брэндаў Беларусі — таксама не ў фаворы. Апошнія тры іх гады вытворчасць стабільна змяншаецца: 71 тысяча — 63 тысячы - 52 тысячы.
Выпуск амаль усіх відаў машын і абсталявання для сельскай і лясной гаспадаркі згортваецца тымі ж тэмпамі — на 20-25%. Ёсць і антырэкардсмены. Вытворчасць кормаўборачных камбайнаў абвалілася ў пяць разоў, сенаўборачных машын — у тры разы.
Станкі для апрацоўкі металаў — мінус 38%, для апрацоўкі дрэва — мінус 31%.
З машынамі для здабычы карысных выкапняў яшчэ горш. Вытворчасць гусенічных трактараў скарацілася ў 3 разы, бульдозераў — у 5 разоў, грэйдараў — у 7,5 разу. І нават самазвалы (для бездарожжа і кар'ерныя), якія раней давалі шматмільённыя прыбыткі, выпускаюцца ўсё радзей. Пазалетась было выпушчана 6592 машын, летась — 4196.
Грузавыя аўтамабілі (перадусім гэта прадукцыя МАЗа) сталі выпускаць на 50% менш.
Падобная сітуацыя з тэхнікай для насельніцтва. Выключэнне толькі адно — вытворчасць мікрахвалёвак павялічылася на 15%. А вось астатняе… Пральных машын вырабілі ўдвая менш, мясарубак — у 2,5 разу, тэлевізараў — амаль у тры разы. І нават халадзільнікаў стала на 18% менш.
Нарэшце, параўнаем цяперашнюю сітуацыю з выпускам электрапрасаў з той, што была дзесяць гадоў таму. Тады выраблялася 179 тысяч, летась — 3 тысячы.