Мар'яна Акіндзінаўна Шчоткіна… Што за імя Акіндзін?

Акіндзін паходзіць ад грэчаскага слова «бязбедны» альбо «бяспечны».

02.07.2015 / 16:07

У рэдакцыю «Нашай Нівы» паступіла пытанне аб паходжанні імя Акіндзін — імя па бацьку ўраджэнкі Мурманскай вобласці (Расія), міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяны Шчоткінай, якая стала прытчай ва языцах пасля таго, як параіла беларусам працаваць на дзвюх працах.

Імя грэчаскага паходжання Акіндзін паходзіць ад сярэднявечнага грэчаскага слова Ἀκίνδυνος і значыць «бязбедны» альбо «бяспечны». Мае таксама жаночую форму Акіндзіна.

Найбольш распаўсюджанае ў Расіі. У Вялікабрытаніі сустракаецца падобнае імя Акіндаін, у Індыі — Акінуддзін. Акіндзіны маюць імяніны 18 красавіка, 22 жніўня і 2 лістапада.

Найбольш вядомы носьбіт імя — святы (у Рускай праваслаўнай царкве) Акіндзін Пячэрскі, архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра ў 20—30-х гадах XIII стагоддзя. Таксама вядомая гістарычная асоба Георгія Акіндзіна, візантыйскага рэлігійнага дзеяча і багаслова, які жыў у XIV стагоддзі.