У Млечным Шляху разварушылася чорная дзіра

Апошні раз нешта адбывалася ў V404 Лебедзя ў 1989 годзе.

26.06.2015 / 12:19

Чорная дзіра і зорка-кампаньён ва ўяўленні мастака. Выява: ESA/ATG medialab

Чорная дзіра ў двайной сістэме V404 Лебедзя, што ў 8 тысячах светлавых год ад нас, прабудзілася пасля 26 год «маўчання», паведамляе сайт Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Незвычайную актыўнасць заўважыў спадарожнік ЕКА «Інтэграл».

Паводзіны чорнай дзіры непрадказальныя, бляск мяняецца з яскравымі сполахамі штогадзіну. У рэнтгенаўскім дыяпазоне сістэма стала самым яскравым аб’ектам на небе.

Павышаная актыўнасць не сціхае з 15 чэрвеня.

У сістэму разам з чорнай дзірой уваходзіць зорка-кампаньён, якую чорная дзіра паступова паглынае. Успышкі актыўнасці могуць быць звязаныя з зацягваннем рэчыва зоркі ў чорную дзіру. Падобныя паводзіны за V404 Лебедзя заўважаныя ў архіўных звестках аптычных тэлескопаў 1938 і 1956 гадоў.

Падвышэнне актыўнасці V404 Лебедзя ў 1989 годзе нямала распавяло навукоўцам пра прыроду чорных дзір — астрафізікам вядома няшмат сістэм з чорнай дзіры і зоркі-кампаньёна. Цяперашняя ўспышка актыўнасці назіраецца у рэнтгенаўскім, бачным і радыёдыяпазоне дзясяткамі астраномаў па ўсім свеце — ёсць спадзеў на значныя адкрыцці.

Чытайце таксама: У цэнтры Млечнага Шляху адбыўся найбуйнейшы выкід з чорнай дзіры

Аляксандр Арсёнаў