Расеец, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку, затрыманы ў Мінску на Mercedes са стразамі

01.06.2015 / 21:19

У Мінску затрыманы 45-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Грузіі, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку за здзяйсненне цяжкага эканамічнага злачынства, паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.

Ён з'яўляецца дырэктарам адной з будаўнічых арганізацый, якая будуе касмадром «Усходні» ў Амурскай вобласці Расіі. Фірма атрымала перадаплату ў памеры каля 4 млн расійскіх рублёў і выдаткавала грошы на свае патрэбы, ніяк не звязаныя з будаўніцтвам аб'екта. У Расіі была распачатая крымінальная справа.

Інфармацыя аб магчымым знаходжанні расейца ў Мінску з'явілася ў канцы мая. Праваахоўнікам спатрэбіўся тыдзень, каб выйсці на след зламысніка. Затрымалі мужчыну ў аўтамабілі Mercedes, пакрытым стразамі Swarovski. Аўтамабіль, як паведамляецца, зарэгістраваны ў Краснадарскім краі на прыяцеля затрыманага.

У дадзены момант вырашаецца пытанне з экстрадыцыяй.