Мінсельгасхарч атрымае ад ЕС 1,5 млн еўра для барацьбы з хваробамі дзікіх жывёл

26.05.2015 / 21:41

Мінсельгасхарч атрымае ад Еўрасаюза 1,5 млн еўра для барацьбы з хваробамі дзікіх жывёл на працягу 2015 года. Адпаведныя пагадненні з Дзяржаўнай службай харчавання і ветэрынарыі Літвы і Харчова-ветэрынарнай службай Латвіі падпісаныя 26 мая ў беларускім пасольстве ў Францыі.

«Супрацоўніцтва паміж ветэрынарнымі ведамствамі Беларусі, Латвіі і Літвы ў пытаннях барацьбы з хваробамі дзікіх жывёл працягваецца ўжо пяць гадоў і мае свае станоўчыя вынікі, якія выяўляюцца ў зніжэнні колькасці выпадкаў захворвання на шаленства дзікіх жывёл на тэрыторыі Беларусі», — заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Півавар, якога цытуе пасольства.

Півавар прыбыў у Парыж на чале беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў 83-й Генеральнай сесіі Міжнароднага эпізаатычнага бюро, якая праходзіць з 25 па 29 мая.