Беларусь услед за Расіяй забараніла ўвоз украінскіх шпалераў

Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Ігар Гаеўскі падпісаў пастанову аб забароне на ўвоз украінскай прадукцыі — пад забарону трапілі шпалеры чатырох украінскіх вытворцаў.

28.04.2015 / 10:41

Інфармацыя пра гэта размешчана на сайце санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінска.

Адзначаецца, што шпалеры вытворчасці ПАТ «Эдэм», ПАТ «Славянскія шпалеры — КФТБ», ТАА «Сінтры» і ТАА «Вініл» не адпавядаюць «санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням па міграцыях у паветраную сераду фармальдэгіду і стыролу».

Аналагічнае рашэнне па прадукцыі ЧАП «Эдэм», ПАТ «Славянскія шпалеры — КФТБ», ТАА «Сінтры» і ТАА «Вініл» прынята расійскім ведамствам — Расспажыўнаглядам.

У пастанове галоўнага санітарнага доктара ўтрымліваюцца патрабаванні да ДМК адпраўляць прадукцыю на санітарна-каранцінны кантроль. Таксама ўведзена забарона на вываз ужо наяўных партый шпалер і аналагічных насценных пакрыццяў з Беларусі ў Расію.

У пастанове таксама падкрэсліваецца неабходнасць узмацнення кантролю за абаротам шпалераў і аналагічных насценных пакрыццяў вытворчасці Украіны.

Забарона на ўвоз уведзены з 24 красавіка 2015 года.