Літоўскія памежнікі таксама не пусцілі ў краіну расійскіх байкераў

У Літву з тэрыторыі Беларусі ў панядзелак спрабавалі патрапіць тры матацыклісты.

27.04.2015 / 19:58

Супрацоўнікі Дзяржаўнай службы аховы мяжы (ДСАМ) не пусцілі іх у Літву, бо матацыклісты не прадставілі дакументаў аб тэхнічным аглядзе транспартных сродкаў і не маглі даказаць, што іх матацыклы спраўныя.

Кіраўнік прэс-службы ДСАМ Гедрус Мішуціс сказаў BNS, што ў Літву матацыклісты спрабавалі праехаць з Беларусі праз КПП «Райгардас», які знаходзіцца ў самакіраванні Друскінінкай. Па словах Г.Мішуціса, у матацыклістаў былі шэнгенскія візы.

Байкеры сказалі памежнікам, што не належаць да «Начных ваўкоў». Яны сцвярджалі, што з'яўляюцца калінінградцамі і ехалі дадому са свята байкераў, што праходзіла ў Беларусі.

Кіраўнік ДСАМ Рэнатас Пажэла запэўніў, што літоўскія памежнікі знаходзяцца ў пастаянным кантакце з калегамі ў Польшчы і сочаць за інфармацыяй, звязанай з рухам «Начныя ваўкі».