Лукашэнка ў дзень Чарнобыльскай трагедыі наведвае Слаўгарадскі раён

Аляксандр Лукашэнка сёння, у дзень гадавіны чарнобыльскай трагедыі, наведае з рабочым візітам Магілёўскую вобласць.

26.04.2015 / 12:10

Кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з сацыяльна-эканамічным развіццём Магілёўскай вобласці, і ў прыватнасці пацярпелага ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС Слаўгарадскага раёна. Яго праінфармуюць аб рабоце па сацыяльнай абароне насельніцтва. Акрамя таго, кіраўніка дзяржавы праінфармуюць аб завяршальным этапе ў рэгіёне веснавых палявых работ.

Як плануецца, у Слаўгарадзе Лукашэнка наведае філіял «Слаўгарадскі ААТ «Бабушкіна крынка» — кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкіна крынка». Ён азнаёміцца з тэхналагічным працэсам вытворчасці сыроў і выставай прадукцыі.

Адбудзецца таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з жыхарамі Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ускладзе кветкі да Алеі памяці пахаваных вёсак.