Карыстальнікі Ay.by атрымалі ліст з новымі правіламі аўкцыёнаў

Цяпер забараняецца прадаваць ювелірныя вырабы і ўзнагароды.

23.04.2015 / 14:26

Папулярны беларускі сайт анлайн-аўкцыёнаў Ay.by змяніў правілы ў сувязі з прадпісаннем Міністэрства гандлю. Пра гэта зарэгістраваным карыстальнікам паведамляецца па электроннай пошце.

Новыя правілы ўводзяць забарону на продаж ювелірных вырабаў, медалёў, ордэнаў і іншых дзяржаўных узнагарод Беларусі, СССР і БССР.

Акрамя таго, усе цэны ў замежнай валюце будуць пераведзеныя ў беларускія рублі па курсе Нацбанка.

Лоты, што не адпавядаюць новым правілам, будуць выдаляцца, за сістэматычныя парушэнні будуць блакавацца акаўнты карыстальнікаў.

На сайце новыя правілы на момант публікацыі не былі апублікаваныя.

Аляксандр Арсёнаў