Алена Анісім пацвердзіла намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх «выбарах»

17.04.2015 / 18:10

Першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) Алена Анісім не адмовілася ад намеру вылучацца кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

фота Сяргея Гудзіліна

«Мы працуем у гэтым кірунку, размаўляем з людзьмі з розных арганізацый, распрацоўваем праграму. Я працую над тым, каб стварыць каманду і вылучацца, як толькі будуць абвешчаныя выбары», — паведаміла БелаПАН Анісім.

Паводле яе слоў, цяперашняя сітуацыя «змушае рэагаваць і ісці далей». «Так атрымалася, што на палітычным полі нацыянальна-патрыятычныя сілы зараз практычна не прысутнічаюць. Гэта змушае ісці наперад. Вядома, можна было б з кімсьці аб'яднацца, дэлегаваўшы свае галасы, але пакуль так дзейнічаць няма з кім», — сказала першы намеснік старшыні ТБМ.

Анісім нагадала, што ў канцы 2014 года прайшоў Кангрэс за незалежнасць. «Было вельмі важна, каб быў пачуты голас патрыётаў Беларусі, якія занепакоеныя няпростымі геапалітычнымі ўмовамі, тым, што неабходна захаваць у першую чаргу незалежнасць краіны. Аднак мы сутыкнуліся з тым, што апазіцыйныя палітыкі да гэтага не гатовыя», - адзначыла яна.

Па словах Анісім, незалежнасць «трэба ўзмацняць знутры, абапіраючыся на грамадзян, а не толькі на тыя апазіцыйныя структуры, якія працуюць ужо шмат гадоў». «Апазіцыйныя палітыкі — добрыя людзі, але, відавочна, у нечым яны памыляюцца стратэгічна», — мяркуе яна.

Удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах плануе яшчэ адна жанчына — актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч. Арганізацыя прапануе вылучыць яе кандыдатам у прэзідэнты ад праекту «Народны рэферэндум» (ён аб'ядноўвае «Гавары праўду!», Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), Партыю БНФ і рух «За Свабоду»). Рашэнне падтрымаць кандыдатуру Караткевіч ўжо прыняла палітычная камісія Партыі БНФ. БСДП (Грамада) і рух «За Свабоду» ў гэтым пытанні пакуль не вызначыліся.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 20 лістапада. Найбольш верагоднай датай іх правядзення ў ЦВК называлі 15 лістапада.