Пуцін паабяцаў стварыць расійскую касмічную станцыю да 2023 года

Станцыя мае «агромністае народна-гаспадарчае і ўсялякае іншае спецыяльнае значэнне».

16.04.2015 / 16:53

Арбітальны комплекс «Мір», затоплены ў 2001 годзе. Фота: «Раскосмас»

Падчас прамой лініі Уладзімір Пуцін паведаміў аб планах па стварэнні расійскай арбітальнай станцыі да 2023 года.

«МКС актыўна выкарыстоўваецца для навукі, народнай гаспадаркі, але з яе бачна толькі 5% тэрыторыі Расіі, а з нацыянальнай станцыі мы маем пабачыць усю тэрыторыю нашай агромністай краіны»,

— мяркуе кіраўнік Расіі.

Раней паведамлялася аб падрыхтоўцы прапановы Расіі да Індыі і Кітая па стварэнні супольнай касмічнай станцыі.

Аб уласнай касмічнай станцыі Расія пачала казаць у канцы 2014 года. Расійскія ўлады не хочуць працягваць эксплуатацыю МКС далей за 2024 год.

Ад уласнай касмічнай станцыі «Мір» Расія адмовілася ў 2001 годзе — сярод іншых прычын быў высокі кошт, 200 млн даляраў на год. Зараз на МКС Расія мае права на палову экіпажу, але траціць на праект у шэсць разоў меней за ЗША.

Паралельна з Расіяй планы па будаўніцтве ўласнай арбітальнай станцыі мае Кітай. Завяршыць яе разгортванне плануецца да 2022 года.

Чытайце таксама: Расія зноў збіраецца на Месяц

Аляксандр Арсёнаў