Пункт пропуску «Пясчатка» мяняе статус на міжнародны

14.04.2015 / 21:31

Пункт пропуску «Пясчатка» на беларуска-польскай мяжы ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці мяняе статус з міждзяржаўнага на міжнародны. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце (ДМК).

«З 9.00 15 красавіка ў пункце пропуску «Пясчатка» мытныя аперацыі, звязаныя з прыбыццём на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза і выбыццём з яе тавараў, што перамяшчаюцца ў міжнародным аўтамабільным руху, будуць здзяйсняцца незалежна ад грамадзянства асоб, якія перасякаюць мяжу, і дзяржаўнай прыналежнасці транспартных сродкаў», — гаворыцца ў паведамленні ДМК.

У дадзеным пункце пропуску могуць перасякаць мяжу аўтобусы і грузавыя транспартныя сродкі з поўнай масай да 7,5 т, за выключэннем транспартных сродкаў, што перамяшчаюць тавары, якія падлягаюць ветэрынарнаму і (або) фітасанітарнаму відам кантролю.