У супермаркеце «Еўраопт» у Мінску адбылася масавая бойка

13.04.2015 / 14:40

Каля трыццаці маладых людзей узялі ўдзел у масавай бойцы каля супермаркета «Еўраопт» на вуліцы Налібоцкай у мікрараёне Каменная Горка ў Мінску. У «разборцы» бралі ўдзел як хлопцы, так і дзяўчаты ад 15 да 25 гадоў. Імаверна, гэта былі жыхары прылеглых дамоў.

Сведкам бойкі быў карэспандэнт «Нашай Нівы». Каля 19.30 12 красавіка маладыя людзі пабіліся да крыві ў раёне крамы. Пасля тыя, што былі ў меншасці, адступілі ў сам супермаркет. Большасць іх пераследавала. Разборкі працягнуліся каля касаў. Міліцыі не было. Моладзь спрабавалі суняць супрацоўнікі крамы і наведнікі. Калі галоўны «праціўнік», юнак у сіняй майстарцы, схаваўся сярод крамы, ягоныя «ворагі» ачапілі выхады, але ён здолеў вырвацца і ўцячы ў кірунку вуліцы Прытыцкага.

Маладыя людзі ўсё яшчэ тусаваліся каля выхадаў з крамы каля 19.50. У сяго-таго з іх былі ў кроў разбітыя бровы і насы. Яны мелі даволі крымінальны выгляд: коратка стрыжаныя, са зламанымі насамі, сухашчавыя.

Паводле некаторай інфармацыі, бойка пачалася з таго, што падлеткі заступіліся за свайго 15-гадовага сябра, які счапіўся з тройкай 25-гадовых коратка стрыжаных хлопцаў з сяброўкамі.

{POLL#377}

Сяргей Гезгала