Сёння — чатыры гады з часу тэракту ў мінскім метро

Да гадавіны тэракту ў Мінскім метрапалітэне прывядуць у парадак памятны знак і выставяць ганаровую варту, паведаміла прэс-служба прадпрыемства.

11.04.2015 / 08:51

фота Сяргея Балая, tut.by

11 красавіка 2011 года на станцыі метро «Кастрычніцкая» быў учынены тэракт, які забраў жыцці 15 чалавек. Амаль чатыры сотні атрымалі раненні. 

Штогод у гэты жалобны дзень людзі нясуць кветкі да мемарыяльнага знака «Рака памяці» каля выхаду з падземнага пераходу. «Прыйдуць да знака і супрацоўнікі сталічнай падземкі. У нашым калектыве таксама памятаюць пра гэтую трагедыю і падзяляюць смутак родных і блізкіх загінулых, суперажываюць пацярпелым. Але мы не хочам іх вольна ці міжвольна трывожыць. Хай усё будзе строга і сціпла, без пафасу і непатрэбных цырымоній», — адзначылі ў прэс-службе. 

Мінскі метрапалітэн аддасць даніну павагі загінулым: прывядзе ў парадак памятны знак, «да яго ў маўчанні стане імправізаваная ганаровая варта з супрацоўнікаў, да падножжа помніка лягуць кветкі». 

У прэс-службе падкрэслілі, што «сёння ў метрапалітэне робяць усё для таго, каб не паўтарылася трагедыя чатырохгадовай даўнасці».