Стартаваў арт-аўкцыён у падтрымку кнігарні «логвінаЎ»

У Сеціве стартаваў аўкцыён, мэта якога падтрымаць кнігарню «логвінаЎ». Свае працы выставілі вядомыя беларускія і польскія мастакі.

27.02.2015 / 10:22

Правядзенне аўкцыёна ініцыявала польская мастачка Цэліна Кануннікава. Як высветлілася, ідэя лётала ў паветры і на яе адразу ж адгукнуліся іншыя мастакі — Руслан Вашкевіч, Артур Клінаў, Уладзімір Цэслер, Алесь Кудрашоў, Алесь Пушкін, Андрэй Анро, Міхаіл Гулін ды інш.

Аўкцыён праводзіцца на базе онлайн-платформы аўкцыёнаў, інфармацыя пра ўсе лоты змешчаная на афіцыйным сайце кампаніі auction.savelohvinau.club. Усе грошы, заробленыя на аўкцыёне, будуць налічвацца непасрэдна на дабрачынны рахунак кнігарні «логвінаЎ», які будзе пазначаны ў рэквізітах лота.

Увага: працы набыць можна да 3 сакавіка.

Купіце творы мастацтва — выратуйце беларускую літаратуру!