NASA праверыць Еўропу на наяўнасць незямнога жыцця

У праекце бюджэту NASA на 2016 год запланаваная місія на спадарожнік Юпітара, пад лёдам якога можа быць вадкі акіян, паведамляе New Scientist.

04.02.2015 / 16:15

Відэа: Wall Street Journal

NASA і партнёры створаць зонд, які трапіць на арбіту Юпітара, а адтуль — на арбіту Еўропы. Але не будзе высаджвацца на самім спадарожніку праз магчымую небяспечную радыяцыю. Зонд будзе запушчаны ў другой палове 2020 года, на праграму будзе выдаткавана 225 млн даляраў.

Еўропа па памеры блізкая да Месяца, але на ёй можа быць у тры разы больш вады за Зямлю. Такую выснову навукоўцы ў 90-х гадах зрабілі паводле назіранняў касмічнага апарату Galileo. Нядаўнія назіранні паказваюць, што вада пад лёдам Еўропы можа мець сувязь з атмасферай.

Ад 90-х гадоў Еўропа лічыцца адным з галоўных кандыдатаў на наяўнасць жыцця па-за Зямлёй.

Каланісты на Еўропе. Кадр з фільма «Падарожнікі»

Умовы, падобныя да Еўропы, ёсць і на Зямлі. Навукоўцы шукаюць сляды жыцця ў падлёдным возеры Усход у Антарктыдзе. Лічыцца, што жыццё можа існаваць нават на глыбіні больш за 3 кіламетры пры тэмпературы на 2-3 градусы ніжэй за нуль і ціску ў 400 раз вышэй за атмасферны.

Аляксандр Арсёнаў