Пунсовае паліто і курыльны пінжак: найлепшае на паказах мужчынскай моды ў Мілане

У Мілане славутыя дызайнеры не спрабавалі асабліва навязваць мужчынам новы вобраз, было мала шалёных паказаў, але шмат якаснага шыцця.

27.01.2015 / 13:14

Вулічная мода ў Мілане

Скончыўся Тыдзень мужчынскай моды ў Мілане. Гэта трэці па даце правядзення Тыдзень моды з «Вялікай чацвёркі» (Нью-Ёрк, Лондан, Парыж).

Тыдзень мужчынскай моды ў Лондане паспрабаваў давесці, што мужчынам варта іранічна ставіцца да сябе. У Мілане было менш эксперыментаў з сучасным мужчынскім вобразам, але многа якаснага кравецтва.

На вуліцах панавала ўся тая ж элегантнасць як і ў Лондане. Але колькасць вядомых модных рэдактараў і славутасцяў была, падаецца, значна большая, чым у Лондане.

Вулічная мода ў Мілане

Варта прыглядзецца да дэталяў, паказаных у Мілане калекцый восень-зіма 2015.

Паліто Jil Sander

Адточаны мінімалізм Jil Sander цалкам праяўляецца ў гэтым паліто: просты крой, выдатны колер, мяккія плечы і незвычайная дэталь — пояс, які ў гэтым сезоне з'явіўся ў многіх дызайнераў і вельмі спадабаўся мужчынскай рэдакцыіі «GQ».

Чырвоны дафлкот GUCCI

Галоўнае ў такім дафлкоце (duffle coat) - вы дакладна будзеце вылучацца з натоўпу.

Пінжак DOLCE&GABBANA

У калекцыі «Dolce & Gabbana» цікавым з’яўляецца курыльны пінжак — прабацька сучаснага смокінга, які джэнтльмены насілі па-над адзенне, каб яно не прапахла цыгарэтным дымам.

Кашуля з выразам MISSONI

Missoni, як звычайна, прадэманстравалі мноства выдатных вязаных рэчаў, але кашуля з глыбокім выразам, якая нагадвае вышыванку асабліва прыцягвае вока (як і дываны на подыюме).

Вета Берман