На вокладцы Vogue з'явілася першая за 12 гадоў чарнаскурая мадэлька 

05.01.2015 / 14:21

Джордан Дан (Jourdan Dunn) зламала 12-гадовую расавую манатоннасць брытанскага жаночага часопіса.

Апошняй цёмнаскурай мадэлькай, якая з'явілася на вокладцы «Vogue UK», была у 2002 годзе Наомі Кэмпбэл.

Пасля яе на вокладках брытанскага часопіса з'яўляліся толькі цёмнаскурыя спявачкі: Беёнсэ (май 2013 г.) і Рыяна (лістапад 2011 г.).

«Дзякуй «British Vogue», Патрыку Дэмаршэлье і Кейту Фэлаю за тое, што гэта здарылася, а таксама хачу падзякаваць ўсім вам за любоў і падтрымку, для мяне гэта вельмі істотна», — напісала Джордан Дан. 

Вокладка з Джордан павінна з'явіцца толькі ў лютым 2015, а ўжо стала ледзь не гістарычнай.

Магчыма, што крытыка, якую зараз скіравалі шматлікія — не толькі праз інтэрнэт — выданні на жаночы часопіс «Vogue» зменіць яго канцэпцыю.

Вета Берман