Гламурны мінскі клуб «BlackHall Bar» робіць вечарынку «Беларусам быць модна»

09.11.2014 / 14:36

Ужо другі папулярны начны клуб Мінска рыхтуе беларускую вечарынку з нацыянальным каларытам.

На афіцыйнай старонцы клуба ў фэйсбуку з'явілася паведамленне наступнага зместу: 

«28 лістапада Blackhall bar з гонарам прадстаўляе тэматычную вечарынку «Беларусам быць модна». Мы любім нашу Радзіму, ганарымся культурай і мінулым, і сапраўды лічам, што беларусам быць добра, беларусам быць модна! Запрашаем мінчан і гасцей сталіцы адчуць беларускую гасьціннасць разам з намі. Мы падрыхтавалі вялікае шоу, якое не пакіне Вас абыякавымі. 28 лістапада. Беларусам быць модна!»

На пачатку тыдня іншы беларускі начны клуб Dozari правёў сэрыю вечарынак «Русским быть модно» і «Russian night». Гэта было моцна раскрытыкавана карыстальнікамі інтэрнэту. Пасля гэтага скандалу клуб анансаваў вялікую вечарынку з нацыянальным каларытам пад назвай «Welcome to Belarus».